Камень ля вёскі Гарадзішча
Ля Гарадзішча, вот толькі не ведаю, з якога боку, камень ёсць вялікі, у зямлю ён моцна ўросшы. Зверху ён такі, нібы дах, на бакі спускаецца і дзве дзіркі ў ім, як бы вокны ў хаце. У тыя дзіркі што ні кінь, ніколі не пачуеш, што аб дно ўдарылася, як бы ў прадонне якое ляціць. Адзін раз у тую дзірку ўвапхнулі сабачку невялікага, дык знік, не цяўкнуў, ні гуку, ні следу.
Людзі казалі, што некалі там горад вялікі быў, але за правіннасць людзей, ці як там было, пад зямлю пайшоў, толькі знак застаўся.
Каменныя месцы Заклятага возера, якое правалілася
Па дарозе ў горад Беразіно , на поўнач ад вёскі Гарукі, з правага боку, ляжыць вялікі камень, пад якім схавана зачараванае возера. Вельмі даўно праязджала тут нейкая знатная паненка з любімым сабачкам. Паненка захацела выкупаць сабачку і кінула яго ў ваду. Ці зачапіўся сабачка ў траве, ці яго праглынула рыба, але толькі сабачка загінуў у возеры. Раззлаваная паненка пракляла возера, і яно пайшло ў зямлю, пакінуўшы на паверхні адзін толькі камень.


Расказала Мартынава Вольга
Жыхарка г. Беразіно.