Адкуль рака Беразіна


Ёсць такое паданне, быццам Бярэзіна выцякае маленькай крыніцай з балоцістага бярэзніку. Таму нібыта раку і назвалі Бярэзінай, ці, як звычайна гавораць мясцовыя жыхары, Бярозай. Мусіць нездарма звязваюць гэтую назву з беластвольным дрэвам, якое так часта ўпамінаецца ў народных песнях, якому калісьці нашы продкі надавалі свяшчэннае значэнне і якое так ахвотна расце на берагах гэтай славутай і любімай народам, вечна юнай ракі.
“Пра бярозу складзена шмат баек. Адна з іх даводзіць, што рака Бярэзіна пачалася ад бярозы, што расла проці млына за Докшыцамі.Аднойчы пад ёй свіння рылася і дарылася да вадзяной жылы. Дык тады і чухнула рака. Яе пагэтаму і назвалі Бярэзінай”.
Сказ пра Дулебы

Дзе жыве дабрыня, дзе бялюткі аблокі.
Мне без гэтага краю і шчасця няма.
Толькі тут міласэрнасць сказанага спаўна.
Дык страчайце мяне і палеткі, і кветкі,
Калышыце, люляйце, палі.
Удыхаю я водар Дулебскі,
Застаюся навек я на продкаў зямлі.
Дулебы – старажытнае племя.
У іх – сівая гісторыя дрэмя.
Уздоўж Бярэзіны стромкай
Народ мой мясціўся,
Ля бурлівай Бярозы гняздзіўся, сяліўся.
Усцяж масляна – чарнюткіх балот ён абжыўся.
Так вось край мой Дулебскі з’явіўся.
Ганаруся я тым, што дулебкай лічуся.
Што прапраўнучкай Цэдрыкаў роду завуся.
Слаўная вёска Дулебы,
Прыгожы мой край дарагі.
На полі жытнёвыя хлебы.
На роўні ўзгоркі, лагі.
Прырода твая незвычайная
Чаруе, ласкае пагляд.
Нават ралля малачайная
Узнялася страйнютка ў рад.
Дулебскі мой люд знакаміты.
Шчыры, ласкавы – табе роўных няма.
На праўду, на розум заўжды сакавіты.
Дый працай удалай адметны здаўна.
Старажытнасць сівая Дулебы пакрыла.
Нашчадкам ў спадчыну, легенды ды казкі здарыла.
За Бярозай, славуцей мястэчка не стрэнеш.
Дулебы мае! Гістарычнасць вашу, нічым не заменіш.
Закахалася ў дулебскі я край сінявокі.
Край мой любы – традыцый збіральнік.
Я Дулебы свае ні на што не змяняю.
Карані свайго роду славутага на вякі захаваю.
Здэцця лепей Дулеб і не знойдзеш.
Тут прыгожа, чароўна, куды ты не пойдзеш.
Птушкі гэтак салодка спяваюць,
Нібы ў госці к сабе запрашаюць.
Дзед мой заўзятым бортнікам быў,
Мёд лясны, верасковы любіў,
Дзедаў мёд усе у Дулебах ядалі,
Ды дзеда Ляксандру дабром называлі,
А нядаўна на Замчышчы ўранку я быў.
Разглядзяўся – і вывад зрабіў:
Тут жа продкі мае будавалі,
Так даўно, але гэтак надзейна стваралі
Паглядзеў я і грэблю, што масцілі дзяды.
Яна моц не згубіла – паслабелі абады,
Ёй мо 100, амо 200 мінула
А яна ўсё стаіць і дрыгва не сцягнула.
Старажытная вёска мая,
Сінявокая краска, матуля.
Мне да болю знаёма прастора твая,
Да сябе, як бярозку , цябе я прытулю.
Дулебы!...
Трэпетна і прыгожа гучыць гэта слова,
Я чую, срэбразвонны ручэй забурліў.
Жаўрукі заспявалі званкова,
Вунь цётка Марыля ідзе па ваду,
Ёй хутка ўжо 100, а пяе змаладу,
У вёсцы маёй людзі добра жывуць,
Бо песні шчаслівыя гуртам пяюць.
І ў працы, і ў гулях народ мой заўзяты,
Дык хай назаўжды будзе моцны, багаты.
У вёсцы маёй Напалеон пабываў,
І кажуць, у хаце суседа майго начаваў.
Дулебцы ж частушку смяючыся склалі,
Як бабы Напалеона ў начы напугалі.
Сягоння Дулеб не пазнаць,
У палях трахтары, грыміць сенажаць.
А вечар настане, гармонік пяе,
Бо Васька – пастух, дулебчан на гулянку заве.
У Дулебах традыцый цудоўных нямала.
А пойдзе ў скокі, Зямля скаланецца,
А ўсё ад таго, што нам добра жывецца.

Дулебцы мае – працавітыя, шчырыя, добрыя,
Іх люблю я, для мяне яны ўсе нібы родныя.
Ў кожнай хаце вас стрэнуць прыветна,
Сэрца добрай гаворкай сагрэюць, пачастуюць адметна.
Панкаструйная наша Дулебка – пястушка,
Зачаруе Вас дробненькай песняй – частушкай
Ля Дулебкі зязюлька кувае,
Адпачыць нас усіх зазывае.
Чую ў дворыку нашым каса заліваецца,
Клепе татка яе, на пацяроб сабіраецца.
Ў дулебчан настае сенакос
Лягуць роўненька сочныя травы ў пакос.
Як Я вёсачку нашу люблю,
Я адсюль нікуды не пайду.
Буду вёску сваю адраджаць,
На жытневых палетках хлябы сабіраць.
Як люблю я прасторы Дулеб,
Іх лясы, і зярністы жытнёвы хлеб.
Беластволых бярозаў нізкі,
І жураўкаў крык гэткі блізкі.
Курганы, гарадкі і грэблі,
На гады, на вякі нам патрэбны.
Тут гісторыя, спадчына краю,
Я – удзячны, як сын, да зямлі прыпадаю.
Вось Падосава, а там Баравіца,
За ляском вунь блішчыць і Дашніца.
Нізка вёсачак з доляй сваёй,
То часцінкі бязмежнай радзімы маёй.
Бабка Маня – мой лепшы настаўнік,
Ў яе я вучуся, як жыць і жыццём даражыць,
Яе дом і стары, і амшэлы,
Гэткі моцны, навекі здужэлы.
Тут мае карані, лёс тут продкаў маіх,
І ўчынкам сваім, і жыццём я хачу быць падобны на іх.
А навокал жыццё расцвітае,
І песня ўзлятае сама:
Мне лепей ад роднага краю
Нічога на свеце няма.
Людзі ў Дулебах надзвычай цудоўныя,
Добрыя, мяккія, чымсьці чароўныя.
Усіх Землякоў сваіх шчыра люблю я,
Кожнаму з іх – оду песню пяю я.
Народ мой дублескі, Радзіме адданы,
Прайшоў гераічны, праслаўлены шлях –
Сябе ён адзначыў і працай стараннай:
І гордым бясстрашшам у грозных баях.
Твае сыны з пагардай к смерці
Сустрэлі ворага свінцом,
Бо лепш са славаю памерці,
Як жыць у ганьбе пад ярмом,
І зазвінела грозна зброя
Па цёмных пушчах і лясах,
І сотні, тысячы герояў
Там нараджаліся ў баях.
Майсей Емяльянавіч Шмарлоўскі,
Як пра яго тут не скажаш?
Ці з яго лёсам лёс вёскі не звяжаш?
Стройным хлопцам на фронт ён пайшоў -
Славу, гонар, адвагу знайшоў.
Ненавіснага ворага біў і знішчаў.
Ды спасцігла бяда юнака – Масея,
У няроўным баі кулі ранілі ногі байца – Адысея
У шпіталі, у непрытомнасці губы хлопца шапталі:
Ампутацыя, не, лепей смерць трапяткая.
Потым цемень, беспрытомнасць глухая…
Калі вочы адкрыў, урач маладая казала:
А ты малайчына, цярпеў.
Нічога, жывуць жа без ног, то не смерць.
Без нагі вярнуўся Шмарлоўскі ў вёску.
Як жыць, як сабрацца ў горстку?
І сабраўся, і выжыў салдат,
Бо ў салдата няма лёгкай дарогі назад.
Народ абраў Масея старшынёй
І акрысціў яго: Марэсьеў – наш герой!
(Арфаграфія і пуктуацыя аўтара)
Расказала Баравік Рэгіна,
Жыхарка в. Дулебы
Бярэзінскага раёна.
Бярозавы гай


Паданні на тапанімічную тэматыку аднолькава шырока распаўсюджаны як у беларускім, так і ў фальклоры іншых славянскіх народаў. Амаль пра кожны больш ці менш значны тапанімічны аб'ект (гара, узгорак, рака, возера, паселішча) у народзе бытуюць розныя легенды. Некаторыя з іх на працягу сваёй эвалюцыі аформіліся ў разгорнутыя паэтычныя апавяданні пра паходжанне ўласна аб'ектаў або іх назвы. Па сваёй форме яны з'яўляюцца творамі з досыць развітым сюжэтам. Іншыя ж, наадварот, бытуюць у сціслым і лаканічным выглядзе. Узнікненне гарадоў або мястэчак калі-нікалі звязваецца з канкрэтнай гістарычнай асобай або падзеяй. Так, напрыклад, узнікла назва горада Беразіно.
Стомленае неба ужо не магло ўтрымаць у руках сваіх сонца, якое з кожнай хвілінай станавілася ўсё больш цяжкае, налітае чырванню, і павольна апускала вогненны шар усё ніжэй і ніжэй. На зямлю напаўзаў вячэрні туман. Менавіта такой парою на вузкай сцяжынцы, што вяла праз бярозавы гай, з'явіліся два чалавекі. Яны рухаліся павольна, часта спыняліся і адпачывалі. Адзін з іх, сляпы стары, цяжка дыхаў. Далёкі шлях адабраў апошнія яго сілы. Адзіным жаданнем сляпога было ўпасці ў траву, выцягнуць стомленыя, збітыя да крыві ногі і спаць, спаць, набіраючыся моцы ад зямлі. Другі спадарожнік, трынаццацігадовы хлопчык-павадыр, з прыкрасцю думаў пра тое, што яны яшчэ далёка ад бліжэйшага сяла, дзе можна знайсці прытулак на ноч і вячэру. Калі стары будзе так часта спыняцца, яны нават да раніцы не выйдуць з гэтага бясконцага бярэзніку. Апошнім часам старому вельмі неахвотна падаюць міластыню. Калі б ён быў адзін, то не стаў бы пабірацца, а наняўся б да якога-небудзь гаспадара — мо пастухом. Але ж гэты стары!.. I злосць пачынала душыць малога.
Колькі ён сябе памятаў, яму прыходзілася вадзіць старца. Шмат гарадоў і вёсак абышлі ўдваіх з жаласнай песняй, зарабляючы невялікія грошы. Стары называў хлопчыка ўнукам, але ці сапраўды гэта быў яго дзед? Так часта жабракі падбіраюць сіротак, каб тыя дапамагалі ім хадзіць па людзях! А значыць, ён зусім не абавязаны ўсё сваё жыццё працаваць на гэтага сляпога. Вырашана! Ен пакіне старога!
Сляпы зноў спыніўся, прыслухоўваючыся.
- Унучак, Піліпка, ці не вада журчыць там, збоку? -спытаўся ён.— Мяне ўжо так даўно мучыць смага.
- Я зараз пагляджу, а ты чакай, дзед,— адказвае хлопчык і знімае руку сляпога са свайго пляча. Але не ў бок лясной ракі ідзе ён, а наперад, па вузкай сцяжынцы, якая вядзе да сяла.
Стары ўжо вельмі доўга чакае свайго спадарожніка. Па вільготнай прахалодзе, што павольна апусцілася на ягоплечы, ён разумее: надышла цемра. Iхваляванне разам з невыказнай тугою авалодвае ім. Выцягнуўшы перад сабою рукі, сляпы ідзе ў той бок, куды, па яго разуменню, павінен быў пайсці хлопчык, і гукае яго. Але толькі шэлест дрэў ды звон вады, які становіцца ўсё чутней, усё бліжэй, чуюцца яму. Урэшце стары цяжка апускаецца на беразе ракі.
- Піліпка, дзе ты, унучак? — ужо не крычыць, а хрыпіць ён і раптам разумее: яго пакінулі.
Боль, як ад нечаканага ўдару, пранізвае ўсё слабое цела сляпога. Ён не хоча верыць, ён супраціўляецца страшэннай думцы, але яна ўжо авалодала ім: адзін ён ніколі не выберацца адсюль. Стары, сляпы, нядужы, ён мусіць загінуць тут, удалечыні ад людзей, ад голаду альбо разарваны дзікім звяр'ём. Але нават не гэта самае жудаснае, а тое, што яго прыгаварыў да смерці ўнук, якога ён так любіў, якім ганарыўся, дзеля якога калісьці пачаў жабракаваць, бо быў Піліпка тады яшчэ вельмі маленькі і не было каму, акрамя дзеда, паклапаціцца пра яго. Хіба ж ведаў тады добры сляпы, што вырасце калі-небудзь Піліпка і адкіне яго, старога, убок, як непатрэбную рэч?!
Слёзы крыўды і болю душаць старога. Ен больш не можа стрымліваць іх і, не маючы каго саромецца, плача. Ды столькі горычы ў слязах яго, што спачувальна сціхаюць начныя птушкі, схіляецца да зямлі трава і пачынаюць раняць на зямлю і ў раку свае празрыстыя слёзы бярозы. Не дождж муціць ваду — дажджом сыплюцца ў яе празрыстыя кроплі, сцякаючы на белых ствалах дрэў. I робіцца вада рачная гаючай.I сляпы, прамыўшы свае вочы, раптам пачынае бачыць.
Цуд! Вялікі цуд! Ён у захапленні глядзіць на зорнае неба, мацае вільготную ад гаючага соку бярозавую строму, падносіць да вачэй рукі. Ён зноў плача, але гэта ўжо зусім іншыя слёзы — нечаканай радасці і вялікай падзякі.
- Бярозы выратавалі мяне, рака вярнула зрок — пра гэта я раскажу людзям,— шэпча ён і, нізка схіліўшыся ў паклоне перад спагадлівымі дрэвамі, спяшаецца ў дарогу.
Наступным днём, даведаўшыся пра цуд, людзі прыйшлі да ракі. Iтой, хто пакаштаваў у той дзень вады з яе, пазбавіўся ад усіх сваіх хваробаў.I пачалі сцякацца адусюль у тыя мясціны хворыя ды ўбогія.
3 часам у бярозавым гаі ўзнікла паселішча. Беразіно назвалі яго ў гонар добрага дрэва.
Расказала Жукоўская Марыя,
Жыхарка г. Беразіно.
Пра вёску Пагост


Аб паходжанні назвы вёскі існуе некалькі паданняў. Пагостам раней называлі цэнтральную сядзібу сельскай абшчыны. Пад час Кіеўскай Русі пагостамі называліся спецыяльныя месцы для збору падарожкаў з X-XII ст. Пагосты сталі адміністрацыйна-тэрытарыяльнымі адзінкамі. З распаўсюджаннем хрысціянства ў населеных пунктах пачалі будаваць цэрквы і Пагостамі сталі называцца невялікія пасяленні з царквой і магільнікам.
У мястэчку Пагост некалі існавала Петрапаўлаўская царква, а на ўскрайку вёскі - магільнік.
Непадалёку ад вёскі пралягае вялікі шлях, і вандроўнікі маглі спыніцца ў Пагосце дзеля таго, каб адпачыць, “пагасціць”.
Расказала Кумішчыва Марыя,
Жыхарка в. Пагост
Бярэзінскага раёна.
Пра вёску Лешніца


Адкуль пайшла назва нашай вёскі Лешніца? У вёсцы некалі ўсюды тырчалі пні,купіны, а з усіх бакоў наступаў цёмны ельнік. Калісьці там, каля дарогі, стаялі трухлявыя хаціны. Насупраць кожнай хаціны стаяў крыж. Хочаце верце, а хочаце не, але гіблае гэта было месца. Быццам лешы там жыў. Часта людзі знікалі няведама куды. Так і назвалі гэтае месца Лешніцы.
Але мне да спадобы другое паданне. Назву вёска атрымала па назве ракі Ляшна. Людзі будаваліся каля яе. Гэта была вялікая, глыбокая і прыгожая рака. Уздоўж ракі раслі алешыны, таму і рака атрымала такую назву. Па ёй плавалі чаўны, сплаўлялі лес, лавілі рыбу. Там, дзе зараз мост, стаяў млын. Людзі будаваліся па абодва берагі ракі, таму і вуліца ў Лешніцы атрымала назву Зарэчная, бо знаходзілася па другі бок ракі, за ракой.
Расказала Барысёнак Марыя,
Жыхарка в. Лешніца
Бярэзінскага раёна.
Пра вёску Лісітнік


Вёска Лісітнік называецца так таму, што калісьці там вадзілася шмат ліс. Самі жыхары таксама былі вельмі ліслівыя, хітрыя. Можа, таму і пасяліліся яны паасобку – сваім хутарам ад в. Пагост. На сённяшні дзень насельніцтва в. Лісітнік складае амаль 30 чалавек.
Расказала Капытка Станіслава,
Жыхарка в. Лісітнік
Бярэзінскага раёна.